«СА́НТА-ЧЭЧЫ́ЛІЯ» АКАДЭ́МІЯ, Нацыянальная акадэмія «Санта-Чэчылія» (Accademia Nazionale di Santa Cecilia),
музычная ўстанова ў Рыме, якая аб’ядноўвае акадэмію, кансерваторыю, сімф. аркестр, муз. б-ку, музей муз. інструментаў і інш. Засн. ў 1566 як т-ва (кангрэцыя) музыкантаў (узначальваў Дж.Палестрына), члены якой збіраліся ў розных цэрквах, у т. л. ў базіліцы Санта-Чэчылія (адсюль назва). З 1689 т-ва кіравала фактычна ўсёй прафес. муз. дзейнасцю ў Італіі. У 1838 пераўтворана ў акадэмію. З 1876 яна размясцілася ў б. кляштары Арсаліне, арганізавала муз. ліцэй (з 1919 — кансерваторыя «Санта-Чэчылія»). У 1895 у будынку акадэміі адчынена канцэртная зала. Б-ка акадэміі — адно з найб. муз. сховішчаў свету. З 1956 кожныя 3 гады акадэмія праводзіць Міжнар. конкурс арк. дырыжораў.
т. 14, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)